Беларуская Служба

Пасля расійскага ўдару па Кіеве без цяпла амаль 6 тыс. шматпавярховікаў. На вуліцы да  −16°C

20.01.2026 09:20
Акрамя таго, уся левабярэжная частка сталіцы пазбаўленая водазабеспячэння.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. ri/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пасля чарговай расійскай атакі на Кіеў амаль шэсць тысяч шматпавярховых жылых дамоў засталіся без ацяплення. Уначы расійскія войскі ўдарылі па ўкраінскай сталіцы ракетамі і дронамі. Гэта ўжо не першая атака на Кіеў у гэтым месяцы, і, як і раней, яе мэтай стала энергетычная інфраструктура горада.

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што пасля начнога абстрэлу без ацяплення застаюцца 5 635 шматпавярховых будынкаў. Акрамя таго, уся левабярэжная частка сталіцы пазбаўленая водазабеспячэння.

У многіх раёнах Кіева адключаная электраэнергія. Жыхары горада ўначы чулі серыю выбухаў. Паводле ўладаў, расійскія войскі выкарыстоўвалі ўдарныя дроны тыпу «Шахед», а таксама балістычныя ракеты.

Асноўны ўдар быў нанесены па цеплаэлектрацэнтралях. Папярэдняя маштабная атака на кіеўскія ЦЭЦ адбылася 9 студзеня — тады таксама без ацяплення засталіся тысячы дамоў, а аднаўленчыя работы працягваліся некалькі дзён і дагэтуль не завершыліся.

Перапынкі ў пастаўках электраэнергіі і ацяплення сталі для Кіева паўсядзённасцю. На фоне працяглых маразоў тэмпература ў многіх кватэрах не перавышае 10°C, а электрычнасць падаецца толькі на некалькі гадзін на суткі.

iar/эж